Тэма Мінска ў сучаснай літаратуры набірае папулярнасць. Мінск як месца, Мінск як галоўны герой і як фон падзей, што іх вызначае. Мінск у любых праявах – але абавязкова ён. У межах спецпраекта кніжнага фестывалю «Горад і Кнігі» дзесяць ужо сталых у мастацкім плане аўтараў папрасілі напісаць апавяданні пра Мінск. А яшчэ на 10 апавяданняў быў абвешчаны конкурс для аўтараў-пачаткоўцаў. Усе яны сустрэліся пад адной вокладкай гэтага зборніка. Розныя аўтары, розныя тэмы, але адзін Мінск.
У дзівосным свеце аповесцей фэнтэзі Маргарыты Латышкевіч ажываюць легенды, спяваюць рунічныя камяні і нараджаюцца чары. Народ Курганова Поля – паэты, ведзьмары, ваяры – процістаяць людзям. Але ці настолькі адрозныя народ Курганоў і чалавечыя сыны?.. Верасовыя пусткі напаўняюцца музыкай ветру, магія пранізвае час і прастору. Вершнікі ўжо на шляху…
Што адбываецца з гераінямі легендаў пасля шчаслівага фіналу? Зрэшты, які фінал увогуле можна назваць “шчаслівым”? Ільга, адужаўшы вогненнага цмока, два гады пражыла пры княжым двары ў славе ды пашане – але ўсе два гады ёй чагосьці не ставала. Чагосьці, што ўнікала памяці. Свет Вугеры, вялікай ракі, спавіты магутнымі каменнымі чарамі і здаўна хавае шмат таямніцаў. Магчыма, у Ільгі атрымаецца адшукаць адказы і вярнуць аднойчы забытае. А значыць, перад дзяўчынай-воем – новае падарожжа.